|
У райцэнтры адбылося традыцыйнае свята сустрэчы вясны — масленіца. Задоўга да пачатку, каля кінатэатра «Арыён» пачалі збірацца людзі. Прыцягвала іх сюды вясёлая музыка, кірмаш, які пачаў сваю работу з раніцы. Гандлёвыя работнікі прапанавалі жыхарам райцэнтра прамысловыя і харчовыя тавары, гарачы чай, бліны, беспройгрышную латарэю. У натоўпе можна было бачыць і вясёлых карабейнікаў. Мала хто пазбег спакусы купіць што-небудзь, адведаць смачных кулінарных вырабаў. Далейшае прадстаўленне аб свяце, якое пачалося ў 11 гадзін дня, даюць надрукаваныя вышэй здымкі. Зіма-матухна прыпаднесла сёлета вялікі сюрпрыз: ні марозу, ні снегу. I гэта ў лютым! Прыйшлося Дзеду Марозу і Снягурачцы прыбыць на гулянне не на тройцы са званочкамі, а на легкавым аўтамабілі. Адразу ж пачалося вясёлае прадстаўленне з удзелам Бабы Ягі, Лешага, скамарохаў, цыган і, вядома ж, прыгажуні Вясны. У гэты час сваё майстэрства дэманстравалі спартсмены - самбісты, а на стадыёне адбыліся два матчы па міні-футболу і захапляючыя заезды юных картынгістаў. У ціры лепшыя стралкі змагаліся за права называцца самымі трапнымі. Арганізатарамі святочнага настрою жыхароў пасёлка былі аддзел культуры райвыканкома, спорткамітэт, РК ДТСААФ і райспажыўсаюз.
Фотарэпартаж А. СЯРГЕЕВА і С. АНТАШКЕВІЧА. «Сцяг Радзімы» 20.02.1988
|